У горадзе Бабруйску адбылося свята рэспубліканскага апошняга званка. Сярод яго ўдзельнікаў былі і карэліччане: Арцём Карп і Мікіта Ляўковіч з сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы, Іна Коцік і Ангеліна Цаба з Турэцкай сярэдняй школы. Рабяты расказалі, як прайшло свята.

Арцём КАРП: «Для мяне гэты горад не новы, кожны год прыязджаю сюды да сваякоў. На гэты раз атрымаў моцныя ўражанні пры наведванні плошчы Перамогі, Лядовага палаца, Бабруйскай крэпасці, іншых месцаў. Дарэчы, каля крэпасці праходзіў не раз, але пра яе гісторыю даведаўся толькі зараз. Прыўзняты настрой панаваў падчас канцэрта, артысты выконвалі добрыя песні».

Мікіта ЛЯЎКОВІЧ: «Уражанні цудоўныя: тут сабралася сапраўдная вучнёўская эліта, і ты — таксама ўдзельнік сустрэчы. Перажываеш грандыёзныя эмоцыі ад таго, што нам, маладым, удзяляюць такую ўвагу, і ўсё адбываецца на высокім узроўні. Зараз авалодвае дваякае пачуццё: па-першае, трэба ісці і рухацца наперад, а па-другое, не хочацца развітвацца са школьнымі гадамі».

Іна КОЦІК: «Уразілі вельмі цёплыя і сяброўскія адносіны да нас.  Бабруйчане нам былі вельмі рады, у горадзе было шматлюдна, нас сустракалі з усмешкамі на тварах. Мне і Ангеліне Цаба падарылі памятныя медалі, на якіх адлюстраваны бабёр — сімвал Бабруйска. Нягледзячы на тое, што мы знаходзіліся ў дарозе шмат часу, настрой быў добры. Туды, дзе табе рады, хочацца вяртацца зноў і зноў».

Ангеліна ЦАБА: «Вельмі спадабалася, нас вельмі добра сустрэлі і праводзілі. Смачна частавалі, дарылі сувеніры на памяць. Мы слухалі песні цудоўных спевакоў. А яшчэ, што вельмі важна, набылі новыя знаёмствы. Гэтае мерапрыемства вельмі карыснае. Да таго ж я вельмі люблю дарогу: за акном змяняюцца малюнкі, і  яшчэ раз пераконваешся: Беларусь — цудоўная краіна, і яе трэба любіць, бо тут клапоцяцца пра будучае».

Галіна СМАЛЯНКА

Фота герояў публікацыі

Информация с сайта polymia.by