Рэспубліканскі педсавет, які на працягу двух дзён праходзіў у Мінску, — вельмі значная падзея для педагогаў і сістэмы адукацыі ў цэлым, — адзначае начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч.

Кіраўнік сферы адукацыі раёна і загадчык дзіцячага сада № 1 г.п. Карэлічы Марына Вярбіцкая 23 і 24 жніўня прынялі ўдзел у Рэспубліканскім педсавеце разам з тысячай педагогаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і галіновага прафсаюза.

— У сваім выступленні перад намі Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што праца з моладдзю — адзін з найважнейшых кірункаў дзяржаўнай палітыкі, —           адзначае Ірына Асташэвіч. — У працы з моладдзю, бясспрэчна, вядучая роля належыць установам адукацыі, пачынаючы з дзіцячага садка і заканчваючы вышэйшай навучальнай установай. Адна з ключавых фраз Аляксандра Лукашэнкі: «Школа — гэта храм. І туды трэба прыходзіць, як у храм». Гэта значыць, што ў кожнай установе адукацыі павінен быць парадак. Адзін з найважнейшых пасылаў — перазагрузка сістэмы адукацыі. Гэта не значыць, што будуць нейкія маштабныя змены. Нам трэба запоўніць тыя прабелы ў выхаванні нашых дзяцей, якія мы дапусцілі. Моладзь ва ўсе часы была бунтарскай, але пры гэтым чулай, прагрэсіўнай і мэтанакіраванай.

На педсавеце агучылі і навінкі новага навучальнага года. У рамках вывучэння вучэбных прадметаў з’явяцца экскурсіі. Напрыклад, вывучаюць дзеці геаграфію або гісторыю Беларусі і могуць адправіцца на экскурсію за кошт бюджэтных сродкаў. Плануецца, што на працягу паўгоддзя адбудзецца дзве экскурсіі.

Уносяцца змены ў правядзенне атэстацыі. Цяпер атэстацыя вучня за чвэрць ажыццяўляецца пры наяўнасці не менш трох адзнак на працягу чвэрці, раней было дастаткова адной. Аналагічна праводзіцца і гадавая атэстацыя. Разглядаецца, што адзнакі «1, 2, 3» будуць нездавальняючымі.

У 2023 годзе плануецца ўвядзенне адзінага нацыянальнага дзяржаўнага экзамену, які сумясціць у сабе школьныя і некаторыя ўступныя экзамены. Гэта закране беларускую і рускую мовы, матэматыку. Праз два тыдні будзе праводзіцца тэставанне па профільных прадметах для паступлення ў ВНУ. Пасля заканчэння 9 класаў плануецца здача 4 экзаменаў: беларуская і руская мовы ў форме пераказу, а не дыктанту, як раней, матэматыка (кантрольная работа) і гісторыя Беларусі (вусна). Навучэнцы, якія праходзяць у школе прафесійную падрыхтоўку, з 2023 года будуць здаваць абавязковы кваліфікацыйны экзамен. Дазволена праводзіць факультатыўныя заняткі па суботах не толькі для навучэнцаў старэйшых класаў, але і для астатніх вучняў.

Важнае і карысная навіна новага навучальнага года — адзіны інфармацыйны адукацыйны партал. Адукацыйны рэсурс на сённяшні дзень змяшчае ўсе тэмы ўрокаў па ўсіх прадметах для 1—11-х класаў. Ужо сёння любы навучэнец можа зайсці на рэсурс і выбраць тэму ўрока, клас і прадмет, а таксама самастойна вывучыць параграф, прагледзеўшы відэафрагменты.

Акрамя таго, з 1 верасня ў школах з’явяцца кіраўнікі па ваенна-патрыятычнаму выхаванню. У 9 школах Карэліцкага раёна ўведзены стаўкі гэтых спецыялістаў. Гэта павінен быць не проста чалавек, які будзе праводзіць урокі дапрызыўнай падрыхтоўкі, а асоба з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. У яго задачы таксама будзе ўваходзіць арганізацыя патрыятычнага выхавання моладзі, прыцягненне дзяцей да ўдзелу ў акцыях, конкурсах і спаборніцтвах не проста для галачкі, а каб яны змаглі атрымаць задавальненне ад падобных мерапрыемстваў і пасля ўжо самастойна праяўляць ініцыятыву для ўдзелу ў іх.

Пры ўкараненні новаўвядзенняў заўсёды трэба памятаць, што пасля хлеба самае важнае для народа — гэта школа. Пра гэта сказаў Кіраўнік дзяржавы. І з гэтым нельга не пагадзіцца, бо толькі патрыёт можа выхаваць патрыёта, чалавека, які будзе любіць сваю Радзіму, паважаць дасягненні мінулага і старэйшых, ганарыцца поспехамі сучаснікаў і імкнуцца ўнесці свой уклад у гісторыю краіны.

Іна ЛЕЙКА