29 мая. 10 гадзін. На дворыку каля сцен дзяржаўнай установы адукацыі «Жухавіцкая сярэдняя школа» шматлюдна. Тут сабраліся вучні, настаўнікі, бацькі, госці. Па-святочнаму апранутыя і з букетамі кветак у руках — дзеці радуюцца святу.

Права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь прадастаўляецца выдатнікам вучобы Марыі Нячай, Аляксандры Пучко, Лізавеце Варанко, Паўліне Лебядзевіч.

А вось і галоўныя героі свята: 6 выпускнікоў заканчваюць сёлета школу, 15 дзевяцікласнікаў павінны зрабіць свой выбар, а астатніх вучняў чакаюць летнія канікулы.

З першымі словамі да ўдзельнікаў урачыстасці звяртаецца дырэктар школы Ларыса Камера, якая заклікае выпускнікоў выказаць словы ўдзячнасці настаўнікам і бацькам. Педагог упэўнена, што дзяўчаты і юнакі стануць дастойнымі грамадзянамі нашай краіны.

Слова прадастаўляецца старшыні Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандру Шкадаву. «У жыцці школы ёсць дзве знакавыя падзеі: Дзень ведаў і Свята апошняга званка. Сённяшняе свята чакаюць усе вучні, бо пасля актыўнага і пазнавальнага навучальнага года мараць адпачыць. Вазьміце ў рукі мячы, сядзьце на веласіпеды, будзьце карысныя сям’і — знайдзіце справу па душы. Найбольш важны этап у выпускнікоў: вы развітваецеся са школай і стаіце на парозе новага жыцця. Хочацца пажадаць быць заўсёды сумленнымі і дастойнымі людзьмі, патрыётамі нашай краіны, знайсці сваю справу ў жыцці», — сказаў прадстаўнік мясцовай улады і ўручыў Дыплом Ілоне Гладкай, удзельніцы раённага і абласнога этапаў рэспубліканскага конкурса работ творчай моладзі «Залатое пяро «Белай Русі»-2021″.

Свае пажаданні адрасаваў выпускнікам школы старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Жухавічы» Дзмітрый Янкоўскі: выпускнікам — паспяховай здачы экзаменаў і ажыццяўлення планаў, а ўсім вучням — добра адпачыць і прыйсці папрацаваць у сельгаскааператыў. Разам з тым заклікаў выпускнікоў прыходзіць за мэтавымі накірункамі для паступлення ў навучальныя ўстановы. Дзмітрый Дзмітрыевіч уручыў прэміі выдатнікам вучобы: Маргарыце Звонка, Паўліне Лебядзевіч, Марыі Нячай, Аляксандры Пучко, Лізавеце Варанко.

Каля мікрафона — дзевяцікласніца Яна Шэсцель. Ад імя аднакласнікаў выказала ўдзячнасць настаўнікам, якія былі заўсёды для іх прыкладам, а вучням пажадала не губляць аптымізму і з павагай адносіцца да акружаючых.

На ўрачыстасці свае пажаданні выказалі і госці з Краіны дзяцінства. Першакласнікі зычылі паспяхова здаць выпускныя экзамены і выбраць сваю жыццёвую дарогу.

«Няхай выбраная дарога стане шчаслівай. Вы — тварцы свайго жыцця, лёгкіх здзяйсненняў і ў добры шлях!» — гаварылі першыя настаўнікі Людміла Ясевіч і Алена Івашка.

Класныя кіраўнікі Ірына Мамончык і Юлія Трыбух у сваю чаргу заклікалі марыць і ажыццявіць свае мары, зрабіць правільны выбар у жыцці і берагчы сябе.

Ад імя бацькоў выказалі словы на дарогу бацькі выпускнікоў Надзея Аўчук і Лілія Цімашэнка: «Знайсці сябе ў жыцці і быць добрымі людзьмі. Заўсёды верыць у свае сілы».

«Мы, школа, цябе ніколі не забудзем», — абяцаюць выпускнікі і выказваюць словы прызнання настаўнікам і бацькам, жадаюць ім любові, здароўя, шчасця, удачы ў жыцці.

Аб Яе вялікасці Працы гаворыць айцец Уладзімір і заклікае выпускнікоў яе не баяцца. Нагадаўшы прымаўку «Што пасееш, тое пажнеш», раіць «сеяць больш старанняў і працы, і гэта прынясе поспех».

Святар пажадаў юнакам і дзяўчатам адкрываць свет, рухацца наперад, жыць поўным жыццём і ўсяго добрага, моцнага, надзейнага.

Гучыць школьны вальс, і выпускнікі кружацца ў танцы.

Права даць апошні званок прадастаўляецца адзінаццацікласніку Іллі Богушу і першакласніцы Паліне Логіш.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ

Информация с сайта polymia.by