Лета — любімая пара для дзяўчынак і хлопчыкаў. Яны з нецярпеннем чакаюць летніх канікул, каб добра адпачыць. Многія з іх выбіраюць прышкольныя лагеры, дзе іх чакае шмат цікавых сустрэч і карысных спраў.

Па словах начальніка дзіцяча-аздараўленчага лагера «Радуга» грамадзянска-патрыятычнага накірунку пры Красненскім ВПК дзіцячы сад -сярэдняя школа Вольгі Матусевіч, яго наведвае 15 дзяцей ва ўзросце 6-10 гадоў. Летнік працуе з 8 раніцы да 16.30.

Тут ладзяцца цікавыя сустрэчы і выязныя экскурсіі. Дзеці ўжо наведалі Карэліцкую дзіцячую школу мастацтваў, дзе пазнаёміліся з рознымі музычнымі інструментамі. Падчас аўтапрабегу «Ад помніка — да помніка» па памятных мясцінах дзяўчынкі і хлопчыкі навялі парадак і ўсклалі кветкі да падножжа мемарыялаў.

Удзячнымі засталіся дзеці і супрацоўнікам Карэліцкага маладзёжнага Цэнтра культуры, якія не толькі паказалі мультфільм на вялікім экране, але правялі цікавую захапляючую праграму з падарункамі і салодкамі прызамі.

Насычанымі будуць і наступныя тыдні. Чакаюцца экскурсія па Мірскім замку і музейныя ўрокі на базе школы і раённага краязнаўчага музея. Абяцалі прыйсці ў госці і супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, каб пазнаёміць дзяцей з мерамі па пажарнай бяспецы.

Для наведвальнікакў лагера ладзіцца работа гурткоў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі: «Залатыя ручкі», «Умелыя ручкі», «Рухомыя гульні».

Паклапаціліся ў летніку і пра харчаванне: сняданак, абед, падвячорак. Сокі, гародніна, садавіна, малочныя прадукты, мяса, рыба — харчаванне багатае вітамінамі і разлічанае на падрастаючы арганізм.

Аплата для бацькоў за 18 дзён у лагеры складае 33 рублі.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ

Информация с сайта http://polymia.by