
27 сакавіка на базе Лукскай сярэдняй школы праведзены раённы злёт юных інспектараў руху. Яго ўдзельнікамі сталі вучні школ раёна.
Мэта — папярэджанне дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, прыцягненне да праблемы ўвагі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, ацэнка ведаў і ўменняў, набытых дзецьмі падчас школьнай і пазашкольнай падрыхтоўкі ў галіне бяспекі дарожнага руху, выхаванне законапаслухмяных яго ўдзельнікаў.


А дзясятай гадзіне адкрываецца злёт. Уносіцца Сцяг Рэспублікі Беларусь. Гучыць гімн. Слова трымаюць начальнік міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Навагрудскага РАУС Дзмітрый Аскерка, метадыст ДУ «Карэліцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет» Юлія Шэўка, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Лукскай сярэдняй школы Ганна Шугала.
Удзельнікам раённага злёту юных інспектараў руху прапаноўваецца маршрутная карта праходжання этапаў спаборніцтваў. Яна ўключае тэарэтычны экзамен на веданне Правілаў дарожнага руху, фігурнае ваджэнне веласіпеда, аказанне першай дапамогі пацярпелым, навучальную (пазнавальную) праграму. Кожны конкурс па-свойму адказны і ўнікальны, патрабуе ад удзельнікаў ведаў, спрыту, умення хутка прымаць рашэнні і знаходзіць адказы на пытанні. Вучні стараюцца, каманды працуюць сумесна — і поспех не мінае.


Перамогу атрымліваюць мацнейшыя. Падводзяцца вынікі: першае месца атрымлівае сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай, другое — сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы і трэцяе — Лукская сярэдняя школа.
Дыпломамі ў намінацыі «За лепшае ваджэнне веласіпеда» ў малодшай узроставай катэгорыі ўзнагароджаны Софія Дзем’яновіч (Турэцкая сярэдняя школа) і Павел Свінцоў (Лукская сярэдняя школа), у старэйшай узроставай катэгорыі — Кацярына Квач і Герман Сянюта (сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай).
Лепшым плакатам сацыяльнай рэкламы прызнана работа сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы. Гэтая навучальная ўстанова атрымала перамогу і ў конкурсе навучальна-пазнавальнай праграмы.
У намінацыі «Веданне Правілаў дарожнага руху» Дыпломамі адзначаны ў старэйшай узроставай катэгорыі Ксенія Касцюкевіч (сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы) і Дзмітрый Шарэйка (Ярэміцкая базавая школа), у малодшай узроставай катэгорыі — Яўгенія Марцінеўская (сярэдняя кола г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай) і Мікіта Ермаловіч (Лукская сярэдняя школа).
Старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Святлана Санцэвіч, якая праводзіла конкурс у намінацыі «Аказанне першай дапамогі пацярпелым», адзначыла, што на сёлетнім злёце вучні паказалі больш трывалыя веды ў дадзеным накірунку. Яна ўзнагародзіла за асабістае першынства Арцёма Грыца з Турэцкай сярэдняй школы і Дар’ю Сініца з Ярэміцкай базавай школы.
Падводзячы вынікі, Дзмітрый Аскерка адзначыў добрую падрыхтаванасць вучняў школ раёна да ўдзелу ў раённым злёце юных інспектараў руху і выказаў словы ўдзячнасці настаўнікам школ раёна.
У правядзенні мерапрыемства прыняў удзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Пётр Буляк.
СЛОВА — УДЗЕЛЬНІКАМ
Аляксандра СТРУК, вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы:
— Я ўжо трэці год удзельнічаю ў раённым злёце юных інспектараў руху. У мінулым годзе прымала ўдзел у абласным конкурсе. Злёт нам дае магчымасць поўнасцю пагрузіцца ў рэальнасць, да якой мы павінны быць падрыхтаваны. А яшчэ можам набыць навыкі, і прыходзіць вопыт на практыцы. Таксама шмат даведваемся на ўроках медыцынскай падрыхтоўкі ў школе і падчас сустрэч з прадстаўніком раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Святланай Мікалаеўнай Санцэвіч. Сёння рада за членаў каманды, якія паказалі добрыя веды.
Юлія ШЭЎКА, метадыст ДУ «Карэліцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет»:
— Раённы злёт юных інспектараў руху— гэта праверка ведаў вучняў асноўных момантаў Правілаў дарожнага руху, а таксама аказанне першай дапамогі пацярпелым. Дадзенае мерапрыемства пацвярджае тое, што вучні дастаткова падрыхтаваліся і з’яўляюцца адказнымі ўдзельнікамі дарожнага руху. У школах раёна праводзіцца дастатковая работа ў гэтым напрамку. На злёце яго ўдзельнікі паказалі добрыя веды і даведаліся шмат цікавага.
Галіна СМАЛЯНКА
