Усе мы, нягледзячы на ўзрост, чакаем цудаў. І усе любяць прыемныя падарункі. Каляды — час, калі вера ў цуды памнажаецца ў некалькі разоў. Выхаванцы сацыяльна-педагагічнага цэнтра Карэліцкага раёна сёння цэлы дзень атрымлівалі віншаванні і салодкія падарункі ад гасцей.
Старшыня Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Барыс Казялкоў і старшыня Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзія Шэўка ў рамках акцыі “Прафсаюзы — дзецям” павіншавалі дзетак ад імя прафсаюзаў і ўручылі ім салодкія падарункі.
Затым у госці завіталі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока, начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама, старшыня Карэліцкай РА “Беларускі фонд міру” Ірына Асташэвіч, благачынны цэркваў Карэліцкай акругі Мікалай Орса і старэйшая сястра сястрыцтва святой страстацерпіцы Аляксандры Святлана Дунец. Прадстаўленне для выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра падрыхтавалі работнікі Карэліцкага маладзёжнага цэнтра культуры. Пасля вясёлых танцаў дзеці паклікалі Снягурачку і Дзеда Мароза, якія, выслухаўшы падрыхтаваныя вершы, уручылі ўсім салодкія падарункі.
— Новы год і Каляды — мае любімыя святы, бо гэта час падарункаў і весялосці, — кажа выхаванец цэнтра Мікіта. — Сённяшняе свята было асабліва цікавым, таму што да нас прыходзілі казачныя героі.
— Ніхто так шчыра не чакае навагодняга цуду, як нашы дзеці, — кажа дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Аксана Лістук. — Вакол ялінкі заўсёды адбываецца самае цікавае. Дзеці акунуліся ў казачны свет з вясёлымі песнямі, гульнямі і карагодамі. Хочацца сказаць вялікі дзякуй за дапамогу ў правядзенні нашага свята супрацоўнікам ДУК «Карэліцкі маладзёжны цэнтр культуры». Чароўная, добрая атмасфера свята падарыла дзецям радасны настрой, захапленне і ўсмешкі. Традыцыйна нашы святы заўсёды наведваюць госці, якія таксама не пакідаюць нашых дзяцей без увагі і падарункаў. У гэтым годзе дзетак павіншавалі прадстаўнікі КСУП “Племзавод Карэлічы”, раённага аддзела ўнутраных спраў, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, ПГУП “ДалексПрод”, настаўнікі і вучні Жухавіцкай СШ, СШ г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай, СШ №2 г.п. Карэлічы, Ярэміцкай і Красненскай сярэдніх школ. Вялікі дзякуй усім, хто не пакінуў нашых дзетак без увагі.
Па матэрыялах газеты “Полымя”