Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.

                                      П. Панчанка

Cёння у свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.

Родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе, неабходна берагчы сваю мову, шанаваць і, безумоўна, як мага часцей размаўляць на ёй.

Кожны народ 21 лютага адзначае Дзень роднай мовы. Першапачаткова з такой ініцыятывай выступіў Бангладэш. Менавіта ў гэтай краіне 21 лютага 1957 года загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове. Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў дзень роднай мовы — каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта.

Да 110-годдзя з Дня нараджэння Аркадзя Куляшова

Не для славы і не за ордэн,

А для народа, і ў гонар яго

                                                                                Мае песні і маё слова,

І жыцця вірунак майго…

А. Куляшоў

Цікавыя факты з жыцця Аркадзя Куляшова

  • Паэт расцэньваў як знак лёсу, што нарадзіўся ў год пачатку Першай сусветнай вайны і ўсё жыццё насіў з сабой манетку 1914 года.
  • Паводле слоў самаго А. Куляшова, ён памятаў свае вершаваныя спробы на рускай мове з чатырохгадовага ўзросту. Як толькі навучыўся пісаць – «не пераставаў чыркаць карандашом».
  • Пісаць пачаў на рускай мове. Тады іх мясцовасць яшчэ ўваходзіла ў склад РСФСР (да 1924 года). Быў час, калі ў яго назбіралася два сшыткі вершаў. Ён аб’яднаў іх назвай: «Собрание сочинений Кулешова несчастного».
  • У 1926 годзе ў Клімавіцкай акруговай газеце «Наш працаўнік» пад псеўданімам Аркадзь Дуда быў апублікаваны верш «Ты мой брат», які стаў літаратурным дэбютам дванаццацігадовага Куляшова.
  • Першы ганарар атрымаў у чатырнаццаць гадоў. З першай кнігі «Росквіт зямлі» яе рэдактар Міхась Чарот зняў па нейкіх меркаваннях усю лірыку. Таму паэт паставіў падзагаловак «першая кніга» пад зборнікам «Па песню, па сонца!..», выдадзеным праз два гады…
  • Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Куляшоў рваўся на фронт, але яго накіравалі на службу ў армейскую газету «Знамя Советов», дзе ён працаваў усю вайну ваенным карэспандэнтам. Па дарозе на фронт А. Куляшоў закапаў свой ненадрукаваны яшчэ пераклад паэмы «Яўгеній Анегін», які потым так і не знайшоўся. Адразу пасля вайны ён зрабіў новы пераклад паэмы А. Пушкіна.
  • «Дзень на перадавой, вечар у дарозе, ноч у зямлянцы, дзе пры цьмяным святле газоўкі пісаліся вершы, нарысы, артыкулы, заметкі. А раніцою ўсё гэта ўжо чыталася ў палках і на батарэях», – так пісаў пра работу франтавога журналіста А. Куляшова рускі паэт А. Суркоў.
  • Творы ваеннай пары А. Куляшова па сіле ўздзеяння на чытача лічацца наймацнейшымі з напісаных паэтамі-франтавікамі, бо грунтуюцца на канкрэтных рэаліях, асабістым ваенным вопыце. Вершы паэта на вайне сталі зброяй, яны натхнялі байцоў на подзвігі, станавіліся паходнымі песнямі салдат-франтавікоў, друкаваліся асобнымі лістоўкамі, закідваліся самалётамі ў тыл ворага, у партызанскія атрады.
  • Аркадзь Куляшоў ведаў, што з ворагам трэба змагацца ўсімі відамі зброі, а адным з важнейшых яе відаў з’яўляецца гумар. Так у газеце з’явілася каля 80 фельетонаў пад загалоўкам «Рассказ о том, как бьет врагов на фронте Алексей Петров», большасць з паловы якіх належыць пяру Аркадзя Куляшова. Калі воін праслаўляўся ў баі, яму гаварылі: «Малайчына! Дзейнічаў, як Пятроў». Асаблівы поспех на старонках газеты «Знамя Советов» меў і створаны Куляшовым гумарыстычны куток «Вралишер Тарабахтер» – пародыя на загаловак фашысцкай газеты «Фелькишер Беобахтер», які выкрываў фашысцкую хлусню аб становішчы на фронце.
  • У 1942 годзе Куляшоў напісаў паэму «Сцяг брыгады» – найбольш значны свой твор ваеннага часу і ўвогуле адзін з самых выдатных твораў усёй савецкай літаратуры гэтага перыяду. А. Твардоўскі назваў яе «народнай паэмай». За паэму ў 1946 годзе А. Куляшову прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР першай ступені. Атрыманую прэмію паэт патраціў на пабудову новага дома бацькам у Хоцімску, замест спаленага фашыстамі.
  • За вялікія заслугі перад Радзімай у гады Вялікай Айчыннай вайны Аркадзь Куляшоў узнагароджаны некалькімі медалямі, у тым ліку «За боевые заслуги» і «За отвагу».
  • Народны паэт вёў актыўную грамадскую дзейнасць. Працяглы перыяд з’яўляўся старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, удзельнічаў у Сусветнай канферэнцыі моладзі ў Лондане, у рабоце ХVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.
  • З 1947 па 1978 гады быў Дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 2–9 скліканняў, добрасумленна выконваў свае абавязкі слугі народа да канца жыцця, клапаціўся аб людзях, дапамагаў. Шмат намаганняў паклаў, каб пабудаваць школу ў Саматэвічах Касцюковіцкага раёна, памяшканне для бібліятэкі ў в. Трасціно Хоцімскага раёна.
  • Куляшова вельмі любілі каты і сабакі, у маладосці ён браўся на спор падысці і пагладзіць самага злога сабаку. Дачка паэта Валянціна Аркадзьеўна гаварыла, што ва ўсіх жывых стварэнняў, што жылі ў іхняй хаце і на дачнай сядзібе, бацька карыстаўся асаблівым даверам. У 1949 годзе ў іх доме з’явілася вавёрка, якая кусала ўсіх, хто спрабаваў дакрануцца да яе, і ўрэшце прызнала толькі Куляшова. Вавёрка жыла ў яго кабінеце ў вялікай клетцы, што стаяла на падлозе каля адной з кніжных шафаў. У клетцы яна толькі спала, увесь астатні час праводзіла на свабодзе ў абсягу кабінета. Гаспадар любіў назіраць за вавёркай, але ніколі не спрабаваў дакрануцца да яе. Можа, якраз таму яна мела давер толькі да яго, ускокваючы са сваім арэхам на яго плячо, калі Куляшоў садзіўся за стол, каб пісаць, ці ўладкоўвалася ў яго на грудзях, калі паэт працаваў лежачы. На Нарачы ў іх жыў певень, які вельмі любіў сядзець на плячы паэта ці галаве – у такіх выпадках ён пераставаў нават варушыцца, каб выпадкова не скінуць птушку.
  • 4 лютага 1978 года ў Нясвіжы Аркадзь Куляшоў заўчасна памёр. З неафіцыйных крыніц вядома, што шостага лютага, у дзень нараджэння паэта, павінны былі аб’явіць у прэсе аб прысваенні А. Куляшову звання Герой Сацыялістычнай Працы. Але на пахаванні паэта П.М. Машэраў сказаў, маючы на ўвазе тую акалічнасць, што званне Героя Сацыялістычнай Працы пасмяротна не прысвойваецца…
  • Імя Аркадзя Куляшова прысвоена Магілёўскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, у якім праходзіць Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Куляшоўскія чытанні». З 1979 года ў Беларусі аўтарам лепшых мастацкіх твораў прысуджаецца літаратурная прэмія імя А. Куляшова. На радзіме паэта, у школе в. Новыя Саматэвічы, куды перасяліліся жыхары былых Саматэвіч пасля Чарнобыльскай аварыі, створаны літаратурны музей.