Кожны год 21 верасня міжнародная супольнасць адзначае Міжнародны дзень міру. Гэты Дзень Генеральная Асамблея абвясціла днём умацавання ідэалаў міру сярод усіх краін і народаў — як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні. Аб дзейнасці грамадскага аб’яднання “Беларусі фонд міру” — наша гутарка са старшынёй Карэліцкай раённай арганізацыі Ірынай Асташэвіч.

— Ірына Валер’еўна, калі ўзнікла грамадская арганізацыя “Беларускі фонд міру”?

— Савецкі фонд міру, адной са складаючых частак якога было беларускае аддзяленне, быў заснаваны 27 красавіка 1961 года. З 24 жніўня 1991 года пачынаецца новая старонка ў гісторыі арганізацыі. У гэты дзень быў заснаваны Беларускі фонд міру, вызначаны задачы і галоўныя накірункі дзейнасці, прыняты Статут, выбраны кіруючыя органы.

— Якія асноўныя мэты дзейнасці арганізацыі?

— Галоўнае — гэта садзейнічанне ўмацаванню міру, сяброўства і згоды паміж людзьмі і народамі, прапаганда і ўвасабленне ў жыццё ідэй міласэрнасці і гуманізму. За кошт сродкаў, якія паступаюць ад добраахвотных узносаў і ахвяраванняў, мы прымаем удзел у фінансаванні антываенных акцый, падтрымцы міратворчага руху.

Пагадзіцеся, для жыхароў Беларусі слова «вайна» напоўнена горкім зместам. Страты нашай краіны ў Вялікай Айчыннай вайне вельмі вялікія, загінуў кожны трэці беларус. Тады, фактычна, адбылася гуманітарная катастрофа. І тое, што наш народ адрадзіў сваю краіну і аднавіў разбураную эканоміку, пабудаваў незалежную дзяржаву, можа служыць прыкладам для іншых краін.

— Ірына Валер’еўна, па якіх праграмах працуе ГА “Беларускі фонд міру”?

— Такіх праграм некалькі, і яны даволі шырокія. Напрыклад, праграма “Памяць” накіравана на ўвекавечванне памяці абаронцаў Айчыны. Тут праводзіцца сумесная работа з ветэранскім рухам. У рамках праграмы “Клопат і міласэрнасць” адбываецца дапамога ўразлівым катэгорыям насельніцтва: інвалідам, ветэранам вайны і працы, дзецям-сіротам, шматдзетным сем’ям. Праграма “Мір праз культуру” прапагандуе нашу нацыянальную гісторыю і культуру, падтрымлівае таленавітую моладзь. Асабліва актыўна ў раёне рэалізуецца праграма “Юны міратворца”. Ва ўстановах адукацыі праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя патрыятычнаму і маральнаму выхаванню моладзі, конкурсы, фестывалі і выставы. Напрыклад, на бягучым тыдні ў школах Карэліцкага раёна адбыліся інфармацыйныя гадзіны, сустрэчы-роздумы, конкурсы аратараў, малюнкаў і плакатаў, галоўнай тэмай якіх стаў мір ва ўсіх яго ўвасабленнях.

— Як арганізацыя працуе з моладдзю?

— З 2003 года наша арганізацыя рэалізуе праграму “Адораныя і таленавітыя — будучае міру”. Двойчы на год мы ўзнагароджваем і матэрыяльна заахвочваем адораных і актыўных дзяцей. За ўвесь перыяд дзеяння праграмы ў Гродзенскай вобласці такія своеасаблівыя гранты ад фонду атрымалі 110 юных дараванняў. Сярод юных карэліччан таксама ёсць уладальнікі гэтых стыпендый: Даніла Бычко, Аліна Нячай, Яна Бабанская, Ірына Краскоўская, Яўгеній Чэрнік, Анастасія Кавалевіч, Аляксандр Худніцкі і многія другія. Нагадаю, што ў маі 2018 года на базе Мірскага замка адбылося мерапрыемства рэгіянальнага маштабу, дзе стыпендыі абласной арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” ўручылі дзецям з усёй Гродзеншчыны. Пасля ўсіх урачыстасцяў каля школы ў Міры пасадзілі алею бэзу гатунку “Перамога”, які быў прывезены з Батанічнага сада.

Каля школы ў Міры дзеці пасадзілі алею бэзу гатунку “Перамога”

Трэці год сумесна з арганізацыямі “Белая Русь” і “Беларускі дзіцячы фонд” рэалізуем дабрачынны конкурс спевакоў “Галасы міру”, які ў гэтым годзе адбудзецца 24 верасня ў Гродне.

Сярод знакамітых праектаў нашай арганізацыі асаблівае месца займае штогадовы конкурс сачыненняў, вершаў і малюнкаў “Дзеці за мір”, вынікам якога стала выданне трох кніг з аднайменнай назвай. Прыемна, што на старонках выдання ёсць творчыя работы карэліцкіх дзетак: Рамана Сачука, Дар’і Булаш, Мікіты Долмата, Паліны Лагуты, Лізаветы Русан, Анжалікі Нарбутовіч і іншых.

Асаблівай можна лічыць акцыю “Дзіця міру”, у ходзе якой дзецям, народжаным 21 верасня, у Міжнародны Дзень міру, прысвоены сімвалічны ганаровы статус «Дзіця міру». У такім выпадку Фондам міру сем’ям нованароджаных выдаюцца пасведчанні, а іх маці атрымліваюць матэрыяльную дапамогу ў памеры трох базавых велічынь. У Карэліцкім раёне жывуць некалькі “дзетак міру”, у якіх захоўваюцца такія памятныя дакументы.

— Ірына Валер’еўна, як Фонд міру праявіў сябе ў барацьбе з пандэміяй?

— У гэтым годзе больш выразна, чым калі-небудзь стала ясна, што людзі не ворагі адзін аднаму. Хутчэй, наш агульны вораг — гэта страшны вірус, які пагражае нашаму здароўю, бяспецы і ладу жыцця. Пандэмія COVID-19 прывяла наш свет у замяшанне і нагадала нам, што тое, што адбываецца ў адной частцы планеты, можа адбіцца на жыцці людзей паўсюль. Таму Гродзенская абласная арганізацыя Беларускага фонду міру перавяла на рахункі ўстаноў аховы здароўя вобласці больш за 12 тысяч рублёў.

— Ірына Валер’еўна, якая колькасць Карэліцкай раённай арганізацыі “Беларускі фонд міру”?

— У радах абласной арганізацыі налічваецца каля 2 тысяч чалавек, у раённай — больш за 50. Радуе ўстойлівая тэндэнцыя па павелічэнні складу. У нашых радах няма выпадковых людзей, тут толькі тыя, хто здольны суперажываць, адчуваць чужы боль сваім сэрцам.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара і Аксаны ЯНУШ

Информация с сайта polymia.by