Злёт юных інспектараў руху праведзены 24/04/2021г. ў Лукскай сярэдняй школе. У ім прынялі ўдзел вучні сярэдніх школ раёна.

Такія мерапрыемствы праводзяцца з мэтай прафілактыкі і папярэджання дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, прыцягнення да гэтай  праблемы грамадскіх і дзяржаўных арганізацый, ацэнка ведаў і ўменняў, набытых навучэнцамі ў ходзе адукацыйнага працэсу і пазакласнай работы, выхаванне законапаслухмяных удзельнікаў дарожнага руху.

Адкрыў злёт начальнік міжраённага аддзела ДАІ Навагрудскага РАУС Дзмітрый Аскерка, які звярнуў увагу яго ўдзельнікаў на важнасць правілаў дарожнага руху і абавязковасць іх выканання. Нагадаўшы аб правядзенні з 23 па 30 красавіка рэспубліканскай прафілактычнай акцыі «Мотасезон  — без парушэнняў!», прамоўца заклікаў прыкласці  намаганні пры выкананні конкурсных заданняў і пажадаў, каб перамогу атрымалі мацнейшыя.

Капітаны каманд узнялі Дзяржаўны Сцяг Рэспублікі Беларусь.

Перад пачаткам конкурснай праграмы арганізацыйны камітэт правёў жараб’ёўку, якая  вызначыла стартавы нумар каманды ў кожным конкурсе. Праграма прадугледжвала наступныя конкурсы: тэарэтычны экзамен на веданне правілаў дарожнага руху, уважлівы ўдзельнік дарожнага руху, фігурнае кіраванне на веласіпедзе, аказанне першай дапамогі пацярпелым, кіраванне веласіпедам ва ўмовах, аналагічных рэальнаму руху.

І спаборніцтвы пачынаюцца. Колькі ва ўдзельнікаў запалу і спрыту, жадання прадэманстраваць сваю віртуознасць! Кожная каманда складаецца з васьмі чалавек. Яе ўдзельнікі ў першай узроставай групе — дзеці 10-12 гадоў, у другой — 13-15 гадоў, дэманструюць навыкі на практыцы, пашыраюць веды па правілах дарожнага руху, ускладваюць надзеі на перамогу, якая прыходзіць да мацнейшых.

Вызначаны пераможцы злёту юных інспектараў руху: сярэдняя школа г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай (першае месца), Лукская (другое), сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы (трэцяе). Пераможцы ўзнагароджаны граматамі і падарункавымі сертыфікатамі ад РА РГА «Белая Русь».

Адзначаны самыя яркія прадстаўнікі конкурсаў: у фігурным кіраванні — Арцём Лазарчук (Лукская  сярэдняя школа), Іван Клімко  і Алеся Нарбутовіч (сярэдняя школа г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай); знатакі правілаў дарожнага руху — Арцём Лазарчук (Лукская сярэдняя школа), Лізавета Варанко (Жухавіцкая); уважлівы ўдзельнік  — Кірыл Дука (Жухавіцкая), Данііл Скіпар (сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы).

Слова — удзельнікам

Мікалай ШУПО,

настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы:

— Веласпорт —  фігурнае і практычнае кіраванне веласіпедам, выкананне правілаў дарожнага руху. У нашай школе дзейнічае гурток «Юныя інспектары дарожнага руху», які наведваюць вучні 8 класаў. Калі добрае надвор’е,  ездзім на вуліцы. Вывучаем, як пераязджаць скрыжаванні, рухацца ў населеных і ненаселеных пунктах. Значны акцэнт робім на практычнае кіраванне, а фігурнае — гэта індывідуальныя навыкі: канатка, арэлі, змейка, васьмёрка. Штогод удзельнічаем у раённых спаборніцтвах.

Віктар СЦЯПКО,

вадзіцель школьнага аўтобуса сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы:

— Бацькі павінны тлумачыць дзецям, як паводзіць сябе на дарозе і  асабліва на пешаходных пераходах. Звяртаць увагу на інфармацыйную таблічку пад знакам. Патрэбна паглядзець налева, затым направа. Калі ж блізка машына, то прапусціць транспарт. Спецыяльна спыняю аўтобус у бяспечных месцах, каб дзіця магло выйсці на тратуар. Нагадваю, каб дзеці былі ўважлівымі пры пераходзе праезджай часткі. Трэба быць пільнымі і прадбачлівымі пры паездцы і на веласіпедзе.

Павел СКІПАР,

вучань 5 «Б» класа СШ № 1 г.п. Карэлічы:

— На злёце юных інспектараў руху ўпершыню. Звычайна ўдзельнічаю ў спаборніцтвах па гандболе. Сёння на злёце разам з братам Даніілам, ён таксама ў першы раз. Мы з дзяцінства вучыліся ездзіць на веласіпедзе дома, у Карэлічах. Веласіпед — гэта здорава і весела: можна арганізоўваць гонкі і трэніравацца.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі ІВАНОВАЙ

Информация с сайта polymia.by