Вучаніца 7 «Б» класа дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай» Аляксандра Піскун атрымала спецыяльны прыз журы рэспубліканскага конкурсу «Мір у душы — мір у краіне». Конкурс арганізаваны Беларускім фондам міру ў партнёрстве з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай царквой.

Каля 10 тысяч удзельнікаў — навучэнцаў устаноў агульнасярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі са ўсёй Беларусі — прадставілі свае работы ў трох намінацыях: «Верш», «Проза» і «Жывапіс». Мы пагутарылі з Аляксандрай Піскун.

— Аляксандра, у якой намінацыі ты ўдзельнічала?

— У намінацыі «верш».  Мне захацелася паспрабаваць сябе ў паэзіі пасля таго, як прачытала верш Якуба Коласа «Мой роды край».

— Хтосьці дапамагаў у гэтым?

— Я напісала сама і паказала верш настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Бакач Але Іванаўне. Яна сказала: «Верш добры, але ёсць недакладнасці». Пасля ўрокаў дапрацавалі, і я адправіла твор на конкурс.

— Ці разлічвала, што твой верш заўважаць?

— Не чакала. Калі ж даведалася аб гэтым, адчула радасць і захапленне. Мяне перапаўняў гонар ад таго, што мой верш адзначылі.

— Дзе ўручалі ўзнагароду?

— У Мінску, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, куды мяне запрасілі. Я паехала з класным кіраўніком Міхаілам Сцяпанавічам Шаплыкам. Там былі пераможцы конкурсу з іншых школ рэспублікі. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар Выдавецкага дома «Звязда» Аляксандр Карлюкевіч уручыў мне сертыфікат і трылогію «Краіна міру. Вершы», «Краіна міру. Проза», «Храмы краіны. Малюнкі», куды ўключаны лепшыя дзіцячыя работы. Таксама ён прачытаў мой верш са сцэны.

— Нагадай радкі з твайго верша.

— Яго назва «Мой родны край». Прачытаю чатырохрадкоўе:

Мой родны край,

маленькая радзіма,

Заўжды ў сэрцы будзеш жыць маім,

Стаяць вечна перад вачыма.

Як ганаруся краем я сваім.

Я люблю маленькую радзіму — Мір. Гарадскі пасёлак мне родны і заўсёды будзе жыць у маім сэрцы. Як матчына мова, любімая школа, родны дом.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ

Новость на сайте районной газеты “Полымя”