Сёлета ў яблыневым садзе СВК “Жухавічы” ўжо сабралі 130 тон пладоў. Ураджайнасць склала 6,5 тон з гектара. Зборам ураджаю займаюцца не толькі мясцовыя садаводы, але і навучэнцы Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа.

Першакурсніцы Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа Ксенія Спірава, Кацярына Герасімовіч і Паліна Ячнік ураджаем яблык задаволены

Яблычныя плантацыі з невысокімі дрэўцамі, літаральна абсыпанымі буйнымі чырвонымі яблыкамі, выклікаюць апетыт. Паміж дрэвамі мільгаюць фігуры першакурснікаў Мірскага каледжа: рабята хутка напаўняюць вёдры ападам і адносяць у прычэп трактара. Надвор’е выдатнае, настрой таксама. Моладзь ахвотна распавядае аб працы. Ксенія Спірава кажа:

— Работа нескладаная, а заплацяць дастаткова. Заробак патрачу на сябе. У мяне ўжо ёсць вопыт працы і ў горадзе, і ў вёсцы. Лічу, што трэба са школьнай парты даведацца цану рублю.

Яе сяброўкі Кацярына Герасімовіч і Паліна Ячнік упэўнены, што такая праца на свежым паветры згуртоўвае і дапамагае даведацца больш адзін пра аднаго. А яшчэ гэта добры заробак. Штодзень рабяты працуюць па 4 гадзіны да абеду, а затым адпраўляюцца на заняткі.

 СКАЗАНА

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА:

— Пры неабходнасці можна і трэба прыцягваць да ўборкі ўраджаю навучэнцаў. А то ў некаторых установах адукацыі забаронена прыцягваць школьнікаў да такіх відаў работ. Большай дзікасці я ўявіць не магу. Мы неяк спрабуем выхаваць нашых школьнікаў, дзяцей. На чым вы будзеце (выхоўваць. — Заўв.)? Балбатнёй? Балбатнёй не выхаваеш.

Прэзідэнт падкрэсліў, што вопыт ранейшых гадоў, калі падлеткі і моладзь дапамагалі сельгаспрадпрыемствам убіраць ураджай, быў станоўчы, гэта садзейнічала згуртаванню калектыву, прывучала да працы. Больш за тое, ёсць прадпрымальнікі, якія гатовы плаціць прыстойныя грошы за дапамогу ва ўборцы ўраджаю, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. «Калі чалавек пойдзе 5-6 гадзін папрацуе — і бацькам у радасць, і дзіцяці добрая фізічная падрыхтоўка. Мы ўсе, і вы (я — дакладна) працавалі. Не працавалі, а ўкалывалі, і дай бог як. Таму мабілізоўвайце студэнтаў, працоўных, дзяржаўных служачых, іншых людзей для таго, каб дапамагчы нам убраць гэта ўсё. Таму што грошы прыстойныя можам зарабіць. Не зараз, дык па вясне».

У час разгляду кадравых пытанняў, 3 кастрычніка 2022 г.

— Наш фруктовы сад займае 39 гектараў, — распавядае аграном-садавод СВК «Жухавічы» Ірына Саўко. — Вырошчваем 10 асноўных гатункаў яблыкаў і груш. Цяпер збіраем зімовыя гатункі яблыкаў: «Заслаўскае», «Імант», «Беларускае салодкае». На чарзе пазнейшыя гатункі: «Лімоннае» і «Алеся». Па смакавых якасцях усе яны вельмі розныя, на аматара. Напрыклад, «Беларускае салодкае» цалкам адпавядае сваёй назве, яно салодкае, а «Лімоннае» — кіслае. Даўжэй за ўсіх, да новага ўраджаю, захоўваецца «Сястра Ліберці». Пакупнікі аддаюць перавагу гатунку «Алеся» з кісла-салодкімі ноткамі.

Садаводы Надзея Турко і Святлана Лопух

Штогод на зборы кандыцыйных яблыкаў у гаспадарцы занята каля 20 чалавек. Акрамя садаводаў, на дапамогу прыходзяць работнікі СВК «Жухавічы» і мясцовыя жыхары. Вельмі важна правільна зняць яблык з галінкі, захаваўшы хвосцік, тады плод будзе доўга захоўваецца і не страціць таварны выгляд.

Сёлета на захоўванне закладзена 80 тон яблык, прададзена 40 тон. Жухавіцкія вітаміны вельмі запатрабаваны ў школах і дзіцячых садах нашага раёна, сталовых сельгаспрадпрыемстваў, Жухавіцкім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, а таксама за межамі нашага раёна. Апад прымаюць заводы па вытворчасці сокаў і пюрэ.

Акрамя яблыкаў і груш, у Жухавічах вырошчваюць і костачкавыя: слівы, чарэшні, персікі, абрыкосы. У бягучым годзе прададзена 1,8 тоны пладоў.

Трактарыст Дзмітрый Собаль

У садзе гектар зямлі адвялі пад гародніну: капусту, моркву, буракі, цыбулю, таматы і агуркі. Прадукцыю адпраўляюць на Навагрудскі камбінат дзіцячага харчавання, сталовыя сельгаспрадпрыемстваў раёна, Жухавіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў.

Ірына Саўко кажа, што садоўніцтвам у СВК “Жухавічы” пачалі займацца яшчэ ў 2000 годзе. Тады плантацыі займалі ўсяго 6 га і паступова пашырыліся да 39. Усе саджанцы вырашчаны ва ўласным гадавальніку, у іншых нічога не купляюць, а наадварот прадаюць. Сёлета ўжо заакуліравалі 2 тысячы саджанцаў. Штогод у сярэднім абнаўляецца 3 гектары саду за кошт позніх зімовых сартоў.

Жыхарка Жухавіч Рыма Галубкова дапамагае ў зборы яблык

Работы па зборы ўраджаю, якія пачаліся 1 верасня, будуць завершаны да канца кастрычніка.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара

Новость на сайте районной газеты “Полымя”